Боль, які спальвае сэрцы
Яшчэ не ацэнена

Сёння незвычайны дзень — дзень нараджэння маёй матулі. Пасля святочнага абеду будзем піць чай з тортам, які ўчора вечарам прыгатавала мама, упрыгожыўшы яго крэмавымі ружамі.

Пасля абеду ўзняўся моцны вецер. Пад яго парывамі нізка згіналіся высокія дрэвы. Нечакана пайшоў дождж, той самы, які нёс бяду.

Толькі праз тыдзень мы даведаліся пра выбух на Чарнобыльскай АЭС, пра гэту трагедыю на роднай зямлі.

У дзіцячым садзе мы больш не хадзілі на прагулкі. Калі я трапляла пад дождж, мама адразу мыла мяне і мае адзенне. Не дазвалялася дакранацца да пяску, дома не адчыняліся форткі. Людзі баяліся есці мяса, агародніну, піць малако.

Колькі гадоў дарослыя займаліся грамадзянскай абаронай, ды што: смяшылі людзей насілкамі, процівагазамі, будавалі бамбасховішчы, плацілі заработную плату штатным супрацоўнікам, расходавалі вялікія грошы для гэтага, а ў час трагедыі нідзе не аказалася нічога неабходнага, каб дапамагчы людзям.

У чэрвені мы з мамай паехалі ў Сочы на адпачынак. Жылі на прыватнай кватэры. Але ад радыяцыі нікуды не збяжыш — трэба ўсё роўна вяртацца дадому.

Увосень усіх працаўнікоў заводаў паслалі ў калгасы ўбіраць радыеактыўны ўраджай. Людзі адмаўляліся. Тады выступіў прадстаўнік гаркама партыі і сказаў, што гэта не пашкодзіць іх здароўю. А хто адмаўляўся, таму пагражалі звальненнем з работы. Маладых дзяўчат і хлопцаў паслалі ў вёску Наваельня Краснапольскага раёна, у адзін з самых забруджаных радыяцыяй куткоў Магілёўскай вобласці. Чысцілі свірны, калгасны двор для будучага ўраджаю. Калгаснікі не хацелі рабіць гэта.

Мінула восем год з таго страшнага дня, а радыяцыі не паменела, наадварот, яна распаўсюджваецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі з падземнымі водамі, прадуктамі харчавання, безадказнай дзейнасцю людзей.

У красавіку 1987 года маці вымушана была выклікаць "хуткую дапамогу", бо ў мяне не переставала ісці носам кроў. Мяне завезлі ў Магілёўскую абласную бальніцу, дзе паставілі дыягназ: востры гаймарыт і хранічны танзіліт.

У 1988 годзе з'явілася магчымасць абмяняць нашу кватэру на кватэру ў горадзе Вілейцы, дзе нарадзіліся я і мая мама. Ды Вілейка — не самы чысты раён Беларусі.

У кастрычніку 1993 года я ляжала ў Вілейскай дзіцячай бальніцы з дыягназам: гастрыт з паніжанай кіслотнасцю, другі раз — у час зімовых канікулаў у студзені 1994 года — у Мінскай абласной бальніцы. Боль не сціхаў. Пасля лячэння быў пастаўлены дыягназ: эзафагіт, функцыянальнае захворванне страўніка, гіперплазія шчытападобнай залозы 1-й ступені, павышаны артэрыяльны ціск.

Болі працягваліся. Тады мне прапанавалі з’ездзіць у санаторый "Беларусь", што ў Друскінінкаі. Там дактары забаранілі піць малако, бо ў крыві знайшлі шмат цукру. У санаторыі ў час лячэбнай фізкультуры зламала палец на левай руцэ. Амаль увесь час знаходжання ў санаторыі рука была ў гіпсе. На працягу трох гадоў у мяне павялічаны лімфатычныя вузлы на шыі.

Я вучуся ў фізіка-матэматычным класе ў гімназіі. З-за хваробы прапусціла шмат урокаў. Вельмі перажываю за вучобу, бо трэба здаваць экзамены.

Чарнобыльская трагедыя — трагедыя ўсёй нашай планеты, боль, які спальвае сэрца.

Аўтары
Лічыльнікі
Раім наведаць

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь