Чытаючы сачыненні школьнікаў, я зведаў дзіўнае і нечаканае пачуццё: загаварыла нямая раней і пакутуючая на вачах у свету зямля.

Раней я сам гаварыў ад яе імя і ў яе абарону. Цяпер да майго голасу далучыліся іншыя; мне пашчасціла атрымаць такую чынную падмогу! Галасы загучалі самастойна, яны загучалі мацней за мой голас, і гэта радавала: зямля, сама зямля аказалася здольнай усвядоміць тое, што мы, яе радзецелі, намагаліся ўсвядоміць на працягу амаль дзесяці гадоў і яшчэ — усяго веку.

Каб мае словы былі больш зразуметымі, патлумачу. У 1986-м, пасля аварыі, і ў 1987-89 гадах я нямала валэндаўся па забруджаных радыяцыяй раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, ужываў, як правіла, мясцовыя прадукты, начаваў у вёсках, дзе фон дасягаў за 40 і нават 140 кюры на квадратны кіламетр. Я збіраў і даследаваў сякую-такую статыстыку захворванняў, уважліва прыслухоўваўся, пра што гавораць людзі, асабліва пільна ўглядаўся ў твары дзяцей — малечы, якая яшчэ сядзела ў калясках і якая ўжо бегала ў школу.

Дык от якраз гэтая малеча і загаварыла цяпер збалелым, памяркоўным і мудрым голасам.

Яна ўжо ўсведамляла сябе і сваю Бацькаўшчыну, яна трывожылася за будучыню ды пакутавала, нітуючы з лесам зямлі і свой лёс.

Сачыненні напісаны сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі.

I другі бок гэтай з'явы.

Нездарма кажуць: "Устами младенца глаголет истина". Творы аўтараў выяўляюць сваю дакументальную аснову ды, па сутнасці, і з'яўляюцца дакументамі, бо ў іх — яскрава засведчаныя пачуцці і думкі ўдзельнікаў і сведкаў падзей. Напэўна ж, у гэтым іх найзначная сіла і вартасць.

Нарэшце, трэцяе, што мне прыпадае зазначыць. Амаль праз усе сачыненні чырвонай ніткай праходзяць пытанні: "Хто ж вінаваты ў глабальнай трагедыі? З-за каго мы, дзеці, і не толькі дзеці, пакутуем?" Яны, юныя аўтары, інтуітыўна адчулі небяспеку з боку грамадства, у якім творыцца ліха, пагаршаецца ў люду здароўе, жыццё і ніхто за свае грахі не адказвае. А гэта ж перадумова для новых бедаў, няшчасцяў.

Іменна з гэтай прычыны мне хочацца нагадаць ліст, складзены мною ў 1989 годзе. Ён пасланы тагачасным вяршыцелям правасуддзя. Я не закранаў у ім прычыны самой аварыі, я спыніўся на маральна-прававых, сацыяльных і, калі хочаце, медыцынскіх праблемах, што выявіліся ў нас на Беларусі, а таксама ў памежжы адразу пасля чарнобыльскага выбуху. Ліст актуальны, але ж па ім і да гэтага часу яшчэ не закончана следства, хоць фармальна яно нібыта і згорнута. Пракуратура наважылася замяць справу. Толькі следчы, які доўгі час збіраў і перакладваў паперы па чарнобыльскай справе, раптам стаў марудзіць з заключэннем; гэта выявілася акурат у той момант, калі да ўлады прыйшоў прэзідэнт Лукашэнка.

Мой адкрыты ліст да пракурорскай наменклатурнай свядомасці быў падмацаваны і падтрыманы тагачаснымі народнымі дэпутатамі СССР, сярод якіх было шмат вядомых людзей, такіх, як акадэмік А.Сахараў, пісьменнікі В.Быкаў, Ч.Айтматаў, А.Адамовіч, В.Бялоў, В.Распуцін, Ул. Яварыўскі, Я.Петарс, Ю.Чарнічэнка...

Прывяду ўсяго некалькі прыкладаў з актаў злачыннасці з боку партыйных і дзяржаўных чыноўнікаў, за што яны, гэтыя чыноўнікі, на мой погляд, павінны б панесці кару. Дык вось:

Засакрэчванне на працягу трох гадоў сапраўднага становішча ў зоне паражэння, а гэта значыць і пагрозы насельніцтву ад радыяцыйнага апрамянення.

Засакрэчванне медыцынскай дыягностыкі і, як вынік, рэгламентаваныя загадам Міністэрства аховы здароўя (Масква) скажэнні ў дыягностыцы і лячэнні хвароб, калі замест прамянёвай хваробы пісалася сардэчна-сасудзістая дыстанія.

Ілжывыя публічныя запэўненні асобных вучоных і партыйных дзеячаў у тым, што на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях насельніцтву нішто не пагражае. (У Балгарыі, дарэчы, за падобную прапаганду адзін бос ад навукі асуджаны судом).

Будаўніцтва новых пасёлкаў на забруджаных тэрыторыях і перасяленне туды пацярпелага люду. Канкрэтызуем пытанне: па чыёй злой волі пабудаваны пасёлкі ў вёсках Вялікі Бор Хойніцкага і Карма Добрушскага раёнаў, скажам, калі Міністэрства аховы здароўя рэспублікі працівілася гэтаму, пра што сведчаць дакументы? Хто і дзеля чаго будаваў новыя катэджы ў Стралічаве, школы і жывёлагадоўчыя комплексы на землях, дзе сіла выпраменьванняў дасягае 40 кюры на квадратны кіламетр і больш?..

Выкарыстанне забруджанага мяса шляхам дабавак яго ў чыстыя мясныя прадукты. Выкарыстанне забруджаных стронцыем касцей і забруджанага цэзіем мяса на мясакосную муку.

Дзейнасць або, дакладней, халатная бяздзейнасць службовых асоб, што дазволіла радыенуклідам распаўзацца па ўсёй зямлі нашай Бацькаўшчыны. Гэты ж працэс без усялякіх перашкод адбываецца і цяпер — беспакаранасць адных чыноўнікаў вядзе да той жа падсудной чыннасці іншых, з якімі мы маем справу сёння.

Ідэя крымінальнага росшуку і прыцягнення да суда злачынцаў гатова была зачахнуць, бо яе ніхто больш не жывіў, не падмацоўваў сваім патрабаваннем. Наадварот, былі сілы, якія працавалі ў адваротным кірунку. I следчы аказаўся флюгерам з флюгераў, як і многія там. Аднак цяпер, мне думаецца, можна ўздыхнуць з палёгкай. Цяпер я атрымаў маральную падтрымку, адкуль, шчыра кажучы, і не чакаў. То дзякуй табе, юная змена!

Дзеці нашы — наша сіла і моц, асабліва, калі глядзець у перспектыву.

Уражваюць сталасць думак і вастрыня пачуццяў, навізна іх светаўспрымання. Уражваюць і радуюць глыбіня раскрыцця імі чарнобыльскай трагедыі, адоранасць і талент, непасрэднасць і шчырасць, з якімі яны ідуць у жыццё. Абнадзейвае чысціня душ, высакароднасць памкненняў. Так і хочацца ўсклікнуць: "Браткі беларусы, глядзіце, хто прыйшоў!"

Не, з такімі дзецьмі наша Айчына яшчэ мае шанцы пазмагацца з чорнай навалай і перамагчы яе! I будзе нам радасць. І будзе гонар. Бацькі ж мы... А як вядома, без кораня ж і палын не расце.

Адно, братове, ці ўсё мы зрабілі для нашых дзяцей?

Васіль Якавенка

Аўтары
Лічыльнікі